Л. В. ПАРАМОН, Л. П. САХАРЭВІЧ, Н. П. ТРЫГУБОВІЧ “Беларускае свята ў школе” З вопыту работы Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў. Мінск “Беларусь” 2002
Свята Вялічка з красным яечкам...
Методыка падрыхтоўкі
За тыдзень да свята аб'яўляецца конкурс на самае прыгожае размаляванае яйка, на лепшую віншавальную паштоўку з Вялікаднем, якія затым упрыгожваюць залу. Развучваюцца на уроках музыкі і спеваў велікодныя песні.
Работнікі кухні выпякаюць пірагі і фарбуюць яйкі — усё робіцца, каб наблізіць інтэрнатныя ўмовы да дамашніх.
Сцэна стылізавана пад беларускую хату (акно, ікона на покуці, святочны стол, печ, прыгожа убраны ложак).
Свята «Вялікдзень», падрыхтаванае дзецьмі і дарослымі нашай школы, было паказана па Беларускім тэлебачанні ў праграме «Запрашаем на вячоркі».
Методыка правядзення
У хаце бабуля. Да яе заходзяць унукі, вітаюцца.
Унукі. Хрыстос уваскрэс!
Бабуля. Сапраўды уваскрэс!
(Тройчы цалуюцца.) Адкуль вы так ранютка?
Унук. А мы з мамай на ўсяночную хадзілі, стравы свянцілі.
Унучка. Вось і вам мама свянцонага перадала.
Накіроўваюцца да стала. Унучка дастае з кошыка пірог, яйкі, мяса, мёд, хрэн, гуркі.
Бабуля. Дзякую, дзетачкі. А ці многа людзей было ў царкве?
Унук. Вой, многа, бабулечка.
Бабуля. Ды і ў мінулую нядзельку, Вербную, таксама шмат было. Хадзіла ж і я вярбу свянціць. Давайце свянцонае яйка пакрышым. Пасыпай, унучка, соллю.
Унук гэтым часам, пакуль бабуля з унучкай размаўляюць, ускоквае на лаўку і глядзіць у акно.
Унук. Гляньце, гляньце, як сонца «іграе»!
Унукі.
— I праўда!
— Ой! Як прыгожа!
— I так толькі на Вялікдзень?
Бабуля. Так, дзеткі. Існуе павер'е, нібыта на першы дзень Вялікадня «іграе» сонейка, струменіць свае праменьчыкі. Гэта свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды, надыходу «вялікдзён» палявых работ. Пасля зімовага адпачынку людзі будуць сеяць, палоць, касіць, жаць, а яшчэ да гэтага свята прымеркавана хрысціянскае свята «Уваскрашэнне ўкрыжаванага Хрыста». Ці не забыліся песеньку з мінулага года?
|
|
Свяці, свяці, сонейка, каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, люлі, люленькі-люлі*.
Пад хатаю седзячы, лусту хлеба дзержачы,
Яечкі качаючы, песенькі спяваючы.
* Паўтараецца пасля кожнага радка
|
Унук. Ой, як у вас, бабка, смачна пахне.
Бабуля. Не, дзеткі, перш чым есці, памыйцеся адварам, у якім я яйкі фарбавала.
Унучка. А чаму так трэба мыцца?
Бабуля. А каб хваробы вас баяліся.
(Дзеці мыюцца.) Мыйце вочкі свае светлыя, каб тварыкі былі чыстыя, а шчочкі ружовыя, як яечкі. Каб жыццё ваша было чыстым і празрыстым, як крынічка лясная. Дай вам Бог вырасці здаровенькімі ды працавітымі людзьмі. Ну вось, вочкі засвяціліся радасцю, як зорачкі. А зараз хуценька да стала. Хачу вам нагадаць, што на Вялікдзень гатавалі багата страў, але пачыналі снедаць пасля таго, як кожны паспрабуе скрылёчак яечка, солі і хлеба. Таму ўсіх запрашаю адведаць святочную страву.
Дзеці частуюцца за сталом. Бабуля, прыгаворваючы, дакранаецца галінкай вярбы да дзяцей.
Бабуля.
Не я б'ю,
Вярба б'е.
Сёння — Вялікдзень.
Будзьце здаровы,
Як тая вярба,
Будзьце вясёлы, як тая вясна.
Слухайце бацьку,
Слухайце маці,
Не забывайце ўсім памагаці.
Унук. Ой, як усё смачна!
Адно дзіця закашлялася, ухапіла шмат хрэну. Астатнія смяюцца.
Бабуля. Хутчэй, унучак, хлеба панюхай. Ну як, зараз лепш?
Унук. Ну і крэпкі.
Унучка. А да вас сёння госці прыйдуць?
Бабуля. А як жа. Цётка Люда з Генем пірог прынясуць, я ж іх дзіця купала. Ды і валачобнікі, напэўна, прыйдуць.
Унук. Прыйдуць, прыйдуць. Вунь наш сусед Хвядос казаў, што, як будуць па сяле хадзіць, абавязкова да вас зойдуць. Сястрыцы, давайце ў біткі пагуляем.
Бабуля.
Пагуляйце, унучкі, пагуляйце.
Але спачатку моц яек паспытайце.
Як гэта робіцца — не трэба саромецца,
Спачатку аб зубкі пастукайце,
Тады да вушка прыкладзіце — паслухайце.
Калі яечка гудзе — значыць, моцным будзе,
А калі не, значыць, нехта разаб'е.
Унукі.
— Будзем біць яйкі?
— Будзем, дай найперш паспрабаваць.
(Абменьваюцца яйкамі і спрабуюць іх асцярожна на зубы.)
— Нешта тваё, брат, дужа крэпкае, ці ж не фальшывае?
— А тваё яйка крапчэй, давай мяняцца.
— Не. Не хачу мяняцца.
— То трымай, буду біць.
(Паспрачаўшыся, б 'юць.)
Бабуля. Давайце загадаем, хто будзе ў нашай кароўкі. Калі першы зойдзе мужчына, дык бычок, а жанчына —дык цялушачка.
Дзверы адчыняюцца. Заходзіць дзядзька.
Унукі. Бычок! Бычок!
Бабуля. А сціхніце вы!
Дзеці са смехам разбягаюцца. Прыходзяць мужчына і жанчына, чыё дзіця купала бабка.
Муж, жонка. Хрыстос уваскрэс!
Бабуля. Сапраўды уваскрэс!
Жанчына. А мы сёння бабулі пірог прынеслі ад унучка.
Бабуля. А як жа мой унучак гадуецца?
Жанчына. Нічога, ужо, дзякуй Богу, семы месячык пайшоў, ужо чатыры зубочкі мае.
Абменьваюцца яйкамі, даюць пірог.
Мужчына (аглядаючы стол).
Ляжыць тут шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ей палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы,
Кілбасы — скруткі, як падковы,
Між сцёган сала і грудзінак
Красуе смажаны падсвінак —
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззяюць,
У роце самі таюць.
Са смакам ядуць і багата —
На тое ж даў Бог людзям свята.
Унукі.
— А як вы думалі, дзядзька, на Каляды — каўбасы, на Вялікдзень —сыр, а ўсё чалавек сыт.
— Свята Вялічка —: з красным яечкам.
Мужчына. Бачыш, як прыказкамі шпараць, відаць, ад бабулі перанялі.
Бабуля запрашае да стала. Ядуць і хваляць.
Якое мяса смачнае. Відаць, перад Вялікаднем закалолі.
Бабуля. Ды не, два месяцы таму. Але лапатку заўсёды пакідаю, каб на Вялікдзень адварыць.
Жанчына. А агуркі якія храбусткія. Вясна ўжо, а як добра захаваліся.
Бабуля. Дык у дубовай бочцы дзіва што добрыя будуць.
Жанчына. А ці ведаеце вы, дзеткі, што на Вялікдзень зязюля першы раз кукуе?
Унук. 3 Вялікадня птушкі пачынаюць пець.
Абменьваюцца падарункамі. Праводзіцца гульня «Яйка пад шапкай».
Яйка пад шапкай
Адзін удзельнік гульні бярэ яйка і кладзе яго пад шапку, другі — павінен адгадаць гэту тайну. Ён кладзе паверх шапкі галінку вярбы, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі галінка будзе размешчана правільна, загадка, значыць, адгадана, і той, хто адгадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае свае.
Чуецца музыка. Ідуць валачобнікі.
Валачобнікі.
— Ішлі, прыйшлі валачобнікі,
Іграючы ды спяваючы,
Добрую гаспадыню шукаючы.
— Добры дзень, пані гаспадыня!
Ці спіш, ці не спіш, пані гаспадыня?
— Калі ж спіш, Бог з табою,
Калі ж не спіш — ходзь са мною.
— Чуеш? Святое Вялічка з красным яечкам.
Жачок*.
Я — маленькі жачок, паўзу, як рачок,
Скачу, як жабка. Дай яечка, бабка.
Не дасі яечка — уцячэ авечка,
Не дасі кока — вывернецца вока.
Бабуля. Час ужо і заспяваць, святочныя віншаванні сказаць.
Пачынальнік.
Дык чаго ж чакаць?
Ёсць што сказаць.
Гаспадар паважаны,
Людзьмі шанаваны,
Шмат дабра мае,
Чужога не спажывае.
Падхватнік.
Дай Божа, пані гаспадыня,
Табе і тваім гасцям,
Каб вы пілі і елі,
Вясёленька сядзелі,
Добрыя думкі мелі.
Гучыць песня.
|
|
Ай, ішлі-пайшлі добры молайцы,
Хрыстос васкрэс, Сын Божы!*
А ішлі яны, усе шаталіся,
Багатырскі двор усё пыталіся.
А на чым знаток багатырскі двор?
На ім шуллейка ўсё дубовае,
Падваротніцы ўсе цясовыя,
Па двару ішлі — кладачкі клалі.
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
А ці спіш-ляжыш, ці адпачываеш?
А калі спіш, дык Бог з табою,
А калі ня спіш — гукай са мною,
Гукай са мною, як муж з жаною.
Здзявайце, братцы, бабровы шапкі,
Благадарыце гэтаму пану
За яго дары, за вялікія,
За яго сталы, за дубовыя,
За яго скацерці, за рубчастыя.
А мы госцейкі ды не частая,
Круглы гадочак — адзін разочак.
|
Падхватнік.
О то не, пані гаспадыня,
Песня спета проці лета.
А будзь жа вясёла, як вясна-красна,
А будзь жа ціха, як ціха лета,
А будзь жа багата, як багата восень,
А ты, гаспадынька, усё дагадайся:
Патэльню — у печ, па яечкі — у клець,
Кавалак сала прыхапі,
Прынясі ж нам кілбасы з шастом,
Кілбасы з шастом ды свінню з хвастом.
Бабуля.
Няма чаго даваць,
Сама хутка пайду жабраваць.
Падхватнік.
Не скупіся, гаспадынька,
Некалі заможна жыла,
Усякага дабра займела,
Цяпер нешта паскупела.
Гаспадынька-журавінка,
Адары нас, не мары нас.
Пачынальнік.
Дай кожнаму пеюну хоць па яйку,
Ну, пачынальніку дасі парачку.
Падхватнік.
Нашаму механошу — пірог ды галёшу,
Ну і ў торбачку яго гарачэйшага чаго.
Запявала.
У музыкі горкая доля:
Што даюць — бярэ і тое.
Бабуля ўсіх адорвае.
Механоша.
А дзякуй, гаспадыня, за пшонны піражок.
Дзякуй табе, пані, за добрыя дары.
Каб дажыць да лета, ды лепей за гэта.
Гучыць песня «Валачобная».
|
|
Валачобнічкі валачыліса,
Валнай, валнай, Божа, памагай!*
Прывалакліса к слаўнаму пану,
Хрыстос васкрос на увесь свет!**
Да ў таго пана двор мураваны,
Двор мураваны, тынам тынаваны,
Пасярод двара залатая гара.
Ды на той гарэ сады-вінаграды,
Сады-вінаграды пазасаджваны,
Райскія птушкі напрынаджваны.
Адкуль узяліся шуры ды буры,
Шуры ды буры, буйныя ветры,
Буйныя ветры, дробныя дажджы.
Сады-вінаграды да паламала,
Райскія птушкі да паразганяла.
Да зажурыўся пане гаспадару.
Да ў яго была жонка разважна:
— Да не журыся, пане гаспадару.
— Калі будам жыці, жыці да быці,
— Сады-вінаграды пазасаджваям,
— Райскія птушкі папрынаджваям.
|
Бабуля. Сядайце, госцейкі, сядайце.
Валачобнікі.
— Ці даўно зімой да вас, цётка, на вячоркі збіраліся? А ўжо і Вялікдзень.
— Бач, колькі месца мы ў вас занялі. Але ж, цётачка, разлічвайце, што яшчэ да вас валачобнікі прыйдуць.
— Ну, аж тры гурты сёння па вёсцы ходзяць.
— А чаго ж нам сядзець? Давайце, хлопцы, яйкі пакачаем.
Ідзе гульня. Зноў чуецца музыка, прыходзяць валачобнікі.
Валачобнікі.
Добры дзень таму, хто у гэтым даму.
Ці не супраць, гаспадыня,
Каб да вас завітаць, віншаванні свае перадаць.
Валачобнікі — людзі добрыя,
Небывалыя, пажаданыя.
Нячаста ходзім, нямнога просім,
Толькі ў гадочак адзін разочак.
А колькі ў нас гасцей багата,
Што ні чалавек, то хата,
Спяшайцеся ў госці запрасіць,
Калі ёсць яшчэ чым дарыць.
Дай жа, Божа, пані гаспадыні
Жыці-быці, шмат багацця нажыці,
Палавіну прадаці, частку валачобнікам даці.
Гучыць песня «Да была ў бабкі курка-рабушка».
|
|
Да была у бабкі курка-рабушка.
Божа, дай, Божа, дай, Божа, памагай!*
А нанесла яец повен карабец.
Ды прыйшлі к бабке валачобнічкі,
Валачобнічкі, недакучнікі.
Яны не дакучаюць, раз у год бываюць.
Падавала бабка ўсім па яечку,
Усім па яечку, шчэй па піражэчку,
Аднэй сіраце да не вышлася.
Вярніся, сірата, за новыя варата:
Бог цябе кліча, шчэ яечка дае,
Цялушку-рабушку дзіцяці на юшку,
Каня варанога, сядло залатое.
|
Валачобнік. Ці ўслых табе наша песня? Калі ўслых табе — не тамі ж ты нас, адары лепш нас.
Бабуля адорвае.
Валачобнікі.
Дзякуй за тое, што адарылі,
Добрым словам прывіталі,
Са спагадай сустракалі.
Жывіце здаровы ды будзьце багаты.
Ды не самі з сабой, са сваімі дварамі.
Ды са сваімі са блізкімі,
I са бліжнімі, і са дальнімі,
3 пакрэўнымі ды прыяцелямі.
Гучыць песня «Зялён садок вішнёвы».
|
|
Добры вечар, паненачка!
Зялён садок вішнёвы!*
Адчыні нам акеначка.
Адчыніўшы, здзівіся.
Харашэнька прыбярыся.
Пакланіся маме й тату.
Хай паклічуць нас у хату.
Прывітаюць хлебам-соллю.
I пасадзяць па застоллю.
Мы па свеце вандравалі.
Васкрасенне велічалі.
|
Бабуля. Сядайце, госцейкі жаданыя.
Валачобнік. Бач, мы ўжо тут не першыя.
Бабуля. Праходзьце, месца ўсім хопіць.
Валачобніца. Якія, цётка, у вас яйкі прыгожыя атрымаліся, а я свае ператрымала, дык надта цёмныя.
Бабуля. А ў мінулы год яшчэ прыгажэйшыя былі. Нарвала сунічніку, прыляпіла, дык як пафарбаваліся, пярэсценькія былі.
Валачобнік. А вунь Волька Пракопава дык у пасачкі каляровыя фарбуе.
Валачобнік. Што гэта жанкі ўсё сябе хваляць. Давайце, хлопцы, у біткі пагуляем. Хто будзе са мною біцца?
Дастае драўлянае яйка. Разбівае ў траіх, затым под шум і смех яго выкрываюць. Чуецца гоман, музыка, заходзіць трэці валачобны гурт.
Валачобнікі.
Тут сабраліся ды добры малайцы,
Добры малайцы ды валачобнікі,
I ішлі яны, ішлі, гуляючы,
Слаўнага сяла ўсіх пытаючы,
Слаўнага сяла ды багатага двара.
Надары гасцей, каб ішлі часцей,
Нашы дары ні вялікі, ні малы.
Пару яек ды з варэннем пірагі.
Бабуля. Хрыстос уваскрэс! Запрашаем у госці.
Валачобнікі.
Не тамі гасцей, надары хутчэй.
Не дасі абаранак — разламаем увесь ганак.
Да вынесь, вынесь, пані гаспадыня,
Карабец яец.
Ды й не лічоных,
Мы ж тыя яечкі самі пералічым,
Пані павялічым.
Бабуля. Адару, адару, але найперш песняй пацешце.
Гучыць песня «А на дварэ стаіць дубок». Гаспадыня адорвае валачобнікаў.
|
|
А на дварэ стаіць дубок.
Хрыстос васкрэс, Сын Божы!*
А на дубку сінь галубок.
Выйшаў, выйшаў млоды Йванька,
Меціў стрэліць у галубка.
— Не бі ж мяне, не страляй мяне,
А я ж табе прыгаджуся.
А як будзеш жаніціся,
Як будзеш браць за гарамі,
За гарамі, за марамі,
Будзеш прасіць піравознічкаў,
Будзеш прасіць, ня ўпросішся.
Я ж цябе піравязу:
Цябе з Марынкай на хрыбточку,
А радзіну на хвасточку.
|
Валачобнікі.
Дай вам Божа, добрая гаспадыня,
Доўга жыці, вясёлымі быці!
Хай вашы дзеткі будуць як у полі кветкі,
Хай ваша ніва будзе ўрадліва.
Дай, Божа, пані гаспадыні
Жыці, быці, унукаў пажаніці,
Праўнукаў дачакацца
Ды нас у госці пазваць.
Гучыць песня «Валачобная».
|
|
Валачобнікі валачыліся.
Хрыстос васкрэс, Сын Божы!*
Валачыліся, намачыліся.
Зайшлі к бабцэ пасушыліся.
Была у бабкі курка-рабушка.
Нанесла яечак поўны запечак.
Усім валачобнікам па яечку.
Аднаму ж Ванечку да не выстаралась.
— Дам табе, Ваня, стада авечак.
Ён авечак не бярэ і дамоў няйдзе.
— Дам табе, Ваня, пару каней.
А ён коней не бярэ і дамоў няйдзе.
— Дам табе, Ваня, красну дзеўку.
А ён дзевачку ўзяў і дамоў пайшоў.
|
Бабуля. Праходзьце, сядайце.
Валачобнік. Во, цётка, у вас заўсёды ў хаце людна.
Бабуля. А я і люблю, што да мяне заходзяць, хаты не мінаюць.
Валачобнік. Паходзім па вашым сяле, а пасля абеду і ў Зенькавічы сходзім, а мо ў Чурылава падамося.
Бабуля. А вой, і не лянуецеся?
1-ы валачобнік. А чаго ленавацца, гэта ж не араць. Ногі маладыя, дык самі нясуць.
Бабуля. Хадзі ды трохі прыглядвайся, каб дзеўку якую прыглядзець, а то і састарышся адзін.
(Усе смяюцца.)
2-i валачобнік. Ходзячы, мо што і выхадзіш.
1-ы валачобнік. Во языкі, во прычапіліся. Сёння ж мяне не ў сваты прывялі. А што, цётка, мо пойдзеш за мяне?
Бабуля. Мілок, мне б гадоў дваццаць скінуць.
2-і валачобнік. Дык за мяне ідзі.
Бабуля. А куцы жонку тваю дзенем? Да мяне прывядзём ці мне да вас ісці?
Дзеці. Бабуля, а мы на арэлях хочам ісці пагушкацца.
Бабуля. Вось песню паспяваем, карагод паводзім ды пойдзем.
Гучыць песня. Усе ўдзельнікі водзяць «Тураўскі карагод».
|
|
Ідзе, ідзе карагод, карагод.
Ўсе дзевачкі напярод, напярод.
А хлопчыкі за намі,
Маргаючы вачамі.
Прыпеў:
Ото ж карагод,
Ото ж ваявод.
У нашага карагода
Быў сын ваявода.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць.
А дзе не бывае,
Там жыта вылягае.
Прыпеў.
Ідзе, ідзе карагод.
Усе дзевачкі напярод, напярод.
А хлопчыкі за намі,
Маргаючы вачамі.
|