Верасень.
Адплывае на воблаках лета
У далёкі нязведаны свет.
І чырвонай рабінай сагрэта
Цішыня ў пажаўцелай траве.
В. Шніп
Празваніў і змоўк званок.
Пачынаецца урок.
Мы за парты дружна селі
І на дошку паглядзелі…
Л. Дзям'янаў
Першае верасня.
Хлопчыкі і зайчыкі
Весела спяшаюцца
Незвычайны сёння дзень -
Заняткі пачынаюцца.
Мой клас.
Свеціць сонейка ў акно
Я ў свой клас прыйшоў даўно.
Хутка празвініць званок,
Усіх пакліча на урок.
За вучобу.
Адшумела лета каласамі,
Адспявала ў пушчы і ў бары.
Клас заліўся звонка галасамі,
І за парты селі мы сябры.
А. Дзяружынскі
Падручнікі, сшыткі
Купіла мне мама.
У школу з сябрамі
Пайду я таксама.
П. Шыбут
У клас расчыненыя дзверы:
Дошка, крэйда, ліст паперы,
Стол і крэсла, парты ў рад,
Тут вучыцца кожны рад.
* * *
Бывай гаманлівае звонкае лета!
Нясём мы у класы вясёлкі букетаў.
Мы бор абуджалі гамонкай вясёлай.
Бывай, лета звонкае! Крочым мы ў школу.
П. Прануза
Раніцою залацістай
У клас мы радасна ідзём.
Там утульна, светла, чыста.
Школа - наш любімы дом.
Я. Журба
З часоў далёкіх, самых даўніх,
Які б яму не выпаў лёс,
Да вучняў ідучы настаўнік
З сабой у сэрдцы сонца нёс.
М. Чарняўскі
Настрой ва ўсіх цудоўны гэткі:
У руках дзяцей жывыя кветкі,
Усмешак промні у вачах.
Сышліся класныя сямейкі
На урачыстую лінейку.
Званочак весела гучыць.
В. Жуковіч
Зазвініць званок.
Раніцаю ў школу мы прыйшлі ізноў.
Колькі тут вясёлых жартаў і размоў!
- Што рабілі ўлетку?
- Дзе былі сябры?
Гэты - на палетку.
Гэты - у бары.
Той лугі абшарыў між высокіх траў
Кветак на гербарый безліч назбіраў.
Адплывае ў просінь лёгкі туманок.
Сёння роўна ў восем зазвініць званок.
А. Вольскі
Свята ў будзень.
Заціх на лузе звон пчаліны,
Замоўк у лесе хор птушыны,
Заглухла музыка жніва.
І першым ранкам вераснёвым
Спяшаецца з настроем новым
Да школы роднае дзятва.
Сышліся класныя сямейкі
На урачыстую лінейку.
Званочак весела гучыць.
Краіна ведаў адчыняйся!
Ніколі, шчасце, не канчайся,
Вучыцца - шчасце і вучыць!
В. Жуковіч
Звініць званок, рассыпаў смех наўкола -
Ён сумаваў без нас у вольны час.
Дзень добры, верасень!
Дзень добры, школа!
Дзень добры, наш утульны, светлы клас.
М. Чарняўскі
У верасні, у верасні
Хапае ўсім работ.
Дзятва да школы ў верасні
Спяшаецца штогод.
А. Вольскі
Верасень.
Мне верасень руку падаў:
- Ты ў школу свой партфель сабраў?
- Сабраў партфель і сам сабраўся,
І з вольным летам развітаўся.
- Куды ж цяпер твой дзень імчыцца?
- Вучыцца, Верасень, вучыцца.
С. Панізнік