Н.М. ПОКУСАВА, настаўніца Бабіцкай СШ Чачэрскага раёна. Пачатковая школа Сакавік 2002 г.
Пад гукі лірычнай мелодыі дзеці ўваходзяць у залу, аформленую па вясновых матывах.
Вядучы.
А зіма аж пачарнела—
Годзе ёй тут кроены ткаць!
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем вясну прывітаць!
Я.Колас.
1-е дзіця.
Хмара снегам не цярушыць,
I не гнуць вятры бяроз.
Ні за шчокі, ні за вушы
Не шчыпае Дзед Мароз.
Рамантуюць гнёзды галкі,
Рэчка поплаў заліла,
I плывуць зімы кавалкі
Каля самага сяла.
І. Муравейка
Вядучы.
Радасна працуюць пчолкі,
Птушкі гімн пяюць вясне.
Вецер сонечны, вясёлы
Падпявае ім і мне.
М.Пазнякоў.
Песня «Ой, вясна, вясна» (апр. А.Залётнага).
2-е дзіця.
Завея зранку віравала,
Круціла злосна мокры снег,
Ды сонца весела зайграла
Апоўдні на цымбалах стрэх.
А хутка з поля да ракіты
Зіму пагоняць ручайкі.
I ў небе радасна-блакітным
Развесяць бомы жаўрукі.
М.Пазнякоў.
Вядучы.
Сонейка вясновае
Радасна ўсміхаецца.
Ззяе ўсё абноваю:
—Прывітанне, раніца!
Дзеці, да нас сёння ў госці прыйдзе Мікіта.
З'яўляецца Мікіта.
Мікіта. Добры дзень, даражэнькія! Я завітаў да вас, каб разам з вамі сустракаць вясну!
Вядучы. Добры дзень, Мікіта! Будзем свята святкаваць, ды вясну сустракаць!
Мікіта.
Выйшаў ранкам я на ганак,
Не рыпеў марозны снег.
Нібы з тонкіх-тонкіх кранаў
Кроплі падалі са стрэх.
Луг прачнуўся, зелянее,
Сняцца лесу казкі-сны.
I прырода разумее
Мову цёплую вясны,
П.Прануза.
Вядучы. А скажы нам, Мікіта, ці прыляцелі ўжо з цёплых краёў птушкі?
Мікіта. Так, так...
У родны край з-за акіяна,
3-за высокіх сініх гор
Жураўлі ляцяць клінамі,
Абуджаючы прастор.
Л. Шырын.
А яшчэ ляцелі гусёлкі цераз мой садочак.
Вядучы. Вось як добра! А мы ведаем песеньку пра гусёлак. Давайце, дзеці, заспяваем яе.
Беларуская народная песня “Ляцелі гусёлкі” (апр. А. Залётнева)
Мікіта.
Разбудзілі мяне рана
Галасістыя шпакі,
Я стаю усхваляваны
-- Малайчыны, спевакі!
Н. Галіноўская.
Вядучы. Нашы дзеці, Мікіта, ведаюць верш пра шпакоўню і шпакоў. Паслухай, калі ласка.
3-е дзіця.
Як сады зазелянелі,
Зашумелі раўчукі,
К нам з-за мора прыляцелі
Два вясёлыя шпакі.
Аглядзелі дом навокал:
Зверху, знізу і з бакоў—
I прыветна, і высока...
Чым не дача для шпакоў?
Нацягалі траў, саломкі,
Ложак выслалі пушком.
Цэлы дзень іх голас звонкі
Весяліць шпачыны дом.
АЖаўрук,
Вядучы. Але не толькі шпакі да нас прыляцелі, а і іншыя птушкі. Давайце паслухаем ласкавую песеньку.
Песня «Прыляцелі куры» (апр. А. Рашчынскага).
Мікіта.
Журавель, клекатун,
Цягнуў жабу за каўтун!
Ён ляцеў, махаў крыламі
Нізка-нізка па-над намі.
Вядучы. Давайце пагуляем у жвавую, вясёлую гульню.
Гульня «Журавель» (апр. В.Кузняцова).
Мікіта. А зараз паспрабуйце адгадаць маю загадку. Яна таксама пра птушачку.
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.
Я.Колас.
Беларуская народная песня «Жавараначкі, прыляціце» (апр. В.Сярых).
У дзяцей ў руках—птушкі-жаваранкі (цацкі).
Вядучы. Бачым мы, што кусты і дрэвы ўжо трохі зазелянелі. Лаза расплюшчыла ўжо вочкі, бо надакучыла ёй спаць.
Мікіта.
Пасадзілі дрэўцаў шмат
Мы з дзядулем каля хат.
Ля дарог і пры даліне...
Край наш родны ў зеляніне.
Л.Шырын.
Вядучы. Паглядзіце ужо каля плоту падрастае крапіва.
4-е дзіця.
Бяжыць булькоча за кустамі
Вясновы радасны ручэй.
І крапіва ўжо падрастае,
Рукой краніся – апячэ.
Зямлі абуджанай прыкмета,
Несамавітая трава.
Але не горш ад першых кветак
Душу хвалюе крапіва.
М. Пазнякоў.
Вядучы.
Наш Мікіта на дудзе
Чары-гукі разліе.
Як пачуеш, як угледзіш,
Дык не ўстоіш, дык не ўседзіш.
Рукі ў бокі –
І пайшоў, пайшоў у скокі.
Л. Шырын.
Танец “Мікіта” (беларуская народная мелодыя)
Вядучы.
Шмат у сонейка сяброў –
Кожны стрэць яго гатоў.
Ля шпакоўні ранкам веснім
Шпак страчае сонца песняй.
Пчолка – мёдам залацістым,
Траўка – чыстай роскай…
Л. Шырын
Вельмі добра тут, праўда Мікіта? Але ўсе мы жадаем сустрэчы з прыгажуняй – Вясной.
Ці скора ж ты, жаданы час
Вясны – красны, ідзеш да нас?
Сагрэй ты нас, цяплом абвей…
Ідзі Вясна, ідзі скарэй!
Я. Колас
Усе.
Вясна - красна – гу!
Прыйдзі ясна – гу!
Вясна. Добры дзень, дарагія дзеці! Прывітанне, Мікіта!
Мікіта.
Маладая вясна!
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!
Вядучы.
Вокам моўчкі зірні
Бледнасць з твару згані!
Дай уздужаць малым
Пад паветам тваім.
Я.Колас.
Вясна. Кожны з вас, што краска, Красуйцеся, калі ласка!
Усе. Краса-Вясна, што ж ты нам прынесла?
Вясна.
Я вам дам жменю ячменю,
Жыта карыта, мерку пшаніцы,
Вады з крыніцы!
Птушкам—пачастунак!
Дачушцы—падарунак!
Сынкам—пацешка!
Вядучы. А нам?
Вясна.
А вам—усмешка!
Насіце, хваліцеся,
3 усімі дзяліцеся.
Г.Іванова.
Вядучы. Вялікі дзякуй, краса-Вясна, за твае пачастункі, падарункі, пацешкі, а галоўнае—за ласкавую і дзіўную тваю усмешку.
Вясна. А зараз я вам загадаю свае загадкі.
3-пад снегу выйшла, расцвіла,
I так, што аж зіма ўцякла.
(Пралеска.)
То празрысты і вясёлы.
То працяглы і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ— чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш, і бясконца рады
Ты караблікі пускаць.
(Дождж.)
Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты,
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад.
(Лён.)
Вядучы. Запрашаем цябе, краса-Вясна, у наш карагод, а таксама і цябе, Мікіта.
Карагод «Пасеялі дзеўкі лён» (апр. А. Рашчынскага).
Вядучы. А зараз, краса-Вясна, дзве дзяўчынкі выканаюць вясёлы танец.
Беларускі народны танец «Полька-Янка».
Вясна. Надышла пара нам развітацца з вамі, дарагія дзеткі. Бывайце, дзеці, спявайце, у гульні розныя гуляйце, Лецейка краснае чакайце. Пра мяне, Вясну, не забывайце.
На развітанне Вясна дорыць дзецям птушак з цеста.
Вядучы. Якое дзіўнае і вясёлае свята ў нас. А зараз ўсе пусцімся ў вясёлыя скокі.
Гучыць мелодыя беларускага народнага танца «Бульба» у грамзапісу. Танцуюць і дарослыя, і дзеці.