СЁННЯ Ў НАС ДАЖЫНКІ
Верш Уладзіміра Пецюкевіча Музыка Міколы Алешкі
 
Сёння ў нас дажынкі: залуналі песні,-
І снапок апошні на куце пачэсны.
Кружыцца над краем: “Ой Раю, мой Раю…”
І герояў жніва цёпла мы вітаем:

П р ы п е ў:
Нізка кланяемся вам, хлебаробы,
За багаты каравай нівы шчодрай.
Маем гонар мы душою вас абняць,
Шчырай песняй прывітаць!
Дзякуй сейбіты жняцы дарагія,-
Вашы рукі сапраўды залатыя.
Падымаем чарку мёду ў добры час,
Нашы слаўныя, за вас!

Ой, што вы зрабілі ўмелымі рукамі -
Свет заваражылі шчодрымі дарамі!
Будзем мы з духмяным хлебам-караваем,
Будуць песні нашы плыць да небакраю.

П р ы п е ў:
Нізка кланяемся вам, хлебаробы,
За багаты каравай нівы шчодрай.
Вельмі рады мы спяваць у добры час,
Нашы слаўныя для вас!

Дай вам Бог здароўя і шчаслівай долі,
Важкага ўмалоту год ад году болей!
Ганарыцца вамі сёння ўся краіна
І хлеб-соль падносіць радасна-гасцінна.

Ноты песні Сёння ў нас дажынкі