Хваробы, узрост ужо пяць гадоў як адарвалі нас ад любімай педагагічнай працы ў вышэйшых навучальных установах. Але напярэдадні кожнага навучальнага года неяк па-своеасабліваму адчуваем сябе. Усё чакаем пазітыўных перамен у народнай адукацыі. А іх як не было, так і няма.
Па-ранейшаму працуе яна не ў сваім нацыянальным рэчышчы, а з'яўляецца ледзь не копіяй аналагічнай сферы Расійскай Федэрацыі. Несумненна, апошняй ёсць чым ганарыцца ў навучанні і выхаванні маладой змены. Ды не будзем, аднак, забывацца, што яе сістэма адукацыі пры ўсіх сваіх плюсах не можа быць прыдатнай для Беларусі: розныя краіны, розныя народы з характэрнымі толькі для кожнага з іх гісторыяй, культурай, побытам, мовай, чаго ніяк нельга не ўлічваць пры ўзгадванні новых пакаленняў.
Што адбываецца на практыцы ў нашай сістэме адукацыі? Ды тое, чаго не павінна быць: поўная зрусіфікаванасць! І гэта ў незалежнай, суверэннай дзяржаве! У грамадстве, дзе няма недахопу ў адукаваных, высокай прафесійнай кваліфікацыі людзях! А прычыны такой бяды ў тым, што наша дзяржава хоць і незалежная, суверэнная, але не праводзіць узважанай, разумнай нацыянальнай палітыкі ў сферы духоўнага жыцця, у тым ліку і ў адукацыі, дзе даўно ледзь прыкметна тлее ўласнае беларускае.
Большая частка беларускага грамадства так далёка адышла ад нацыянальнага ўкладу жыцця, што без усялякага сораму чужое называе сваім, а сваё — чужым. Не адкрыем Амерыкі, калі скажам, што ва ўсім гэтым вінаватая цалкам залежная ад дзяржаўнай антыбеларускай нацыянальнай палітыкі народная адукацыя. У мінулым стагоддзі дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы ў значнай меры адпавядала беларускаму нацыянальнаму інтарэсу толькі на працягу сямі-васьмі гадоў міжваеннай беларусізацыі, пяці гадоў нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. Увесь астатні час (на працягу каля 90 гадоў!) яна пад корань вынішчала ўсё нацыянальна-беларускае. К канцу ХХ стагоддзя Беларусь, нягледзячы на афіцыйна прарэкламаваны статус палітычнай незалежнасці, амаль дазвання страціла свой нацыянальны воблік. Ён мала чым адрозніваўся ад любога адміністрацыйнага рэгіёна этнічнай рускай тэрыторыі РСФСР. Дзяржаўны чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь быў бясконца рады такім этнічным "дасягненням", з вялікім гонарам заяўляў, што і мы таксама рускія.
Ніколькі не збавіла адукацыя сваёй агрэсіўнасці ў дачыненні да беларускай нацыянальнай ідэі і ў новым стагоддзі. Лінію на русіфікацыю маладых пакаленняў беларускага народа няўхільна, заўзята праводзяць усе структуры гэтай сферы, але найперш жа яе рэспубліканскі штаб. Усё ў іх атрымліваецца проста на выдатна, без ніякіх збояў. Уладныя структуры бясконца задаволеныя кіраўніцтвам народнай адукацыі за яе выхад на самыя высокія для ўсяго савецкага і постсавецкага часу рубяжы па русіфікацыі навучальна-выхаваўчага працэсу.
У апошнія гады з агульнай колькасці агульнаадукацыйных школ толькі адна пятая частка прыпадае на беларускамоўных вучняў. Яшчэ горшае ў моўным адлюстраванні становішча ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Вось і паспрабуй у такіх кабальных варунках падрыхтаваць для краіны неабходную колькасць беларускамоўных палітыкаў (у тым ліку і яе прэзідэнта), творчай (асабліва пісьменніцкай) інтэлігенцыі. Не ўдасца! Для гэтага патрэбная дыяметральна процілеглая сучаснай зрусіфікаванай, па-сапраўднаму нацыянальная адукацыя, парасткі якой падлеглі бязлітаснаму знішчэнню ў апошнія гады мінулага стагоддзя.
Не абмінула гэтая нацыянальная трагедыя і Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка, дзе я (Ефрасіння Андрэева) працавала прафесарам на філалагічным факультэце. Праўда, пераацэнка стаўлення да беларускамоўнага навучання тут выявілася не адразу пасля разбуральнага характару майскага рэферэндуму 1995 года. Пачатак ёй паклалі ў канцы 90-х гадоў. Мяне моцна здзіўляла, што некаторыя з калег, якіх я, як руская, прасіла пры размове са мной указваць хоць на самыя сур'ёзныя памылкі майго беларускамоўнага вымаўлення, пачалі скрозь карыстацца рускай мовай і нават чытаць на ёй лекцыі, праводзіць практычныя заняткі. На мае заўвагі, што гэта ж адкрытая здрада беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, яны з алімпійскім спакоем заяўлялі: "Неабходна працаваць у рэчышчы дзяржаўнай моўнай палітыкі, якую ўсяляк падтрымлівае і кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь". Сустракаліся і такія, што будучае краіны звязвалі толькі з рускамоўнай адукацыяй. Як бачым, не памыліліся ў яе перамозе, толькі вось не хочуць прызнаць, што пры такой адукацыі сама Беларусь застанецца без будучыні.
Народная адукацыя была і ёсць тварам, люстэркам палітычнай сістэмы краіны. У адарванай ад нацыянальнага ідэалу дзяржавы не можа быць нацыянальнай адукацыі. Таму было б вялікай памылкай у сённяшняй антынацыянальнай дзейнасці амаль усіх навучальных устаноў абвінавачваць толькі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Галоўная віна ляжыць на дзяржаўным чыноўніцкім апараце, які ўпарта праводзіць палітыку на знікненне нацыянальна-культурных адрозненняў Беларусі ад Расіі (заўважце, што ў апошняй такога не назіраецца) з тым, каб аблегчыць стварэнне адзінай саюзнай дзяржавы. Іншая справа, што педагагічныя калектывы нашых навучальных устаноў маглі б не з такой зацятасцю праводзіць навязаны ім прэзідэнцкай вертыкаллю антыбеларускі курс. Не можа не здзіўляць, што ў яго амаль зусім адсутнічае апазіцыя ў асяроддзі педагагічнага корпусу.
А быў жа час, што гэтая катэгорыя інтэлігенцыі па сваёй адданасці беларускаму нацыянальнаму ідэалу ўступала (літаральна нязначна) толькі пісьменнікам і навукоўцам-гуманітарыям. Вось якую глыбокую рану рускамоўная адукацыя нанесла і самому настаўніцтву, у руках якога быў, ёсць і застанецца лёс маладых пакаленняў беларускага народа. У нашыя дні практычна няма ніводнай навучальнай установы, педагагічны калектыў якой адважыўся б публічна выступіць супраць русіфікацыі навучальна-выхаваўчага працэсу. І не таму, што за такі ўчынак верагодна страціць працу (яе ж з-за нізкай аплаты многія добраахвотна кідаюць!), а таму, што сам не адчувае ўласнай адказнасці за нявечанне нацыянальнай душы маладых пакаленняў, бо і яе далёка не ўсе педагогі маюць з прычыны заканчэння рускамоўных устаноў.
Са сказанага няўмольна вынікае неаспрэчная выснова: адукацыя на чужой мове (нават афіцыйна ўведзенай у статус дзяржаўнай, абвешчанай другой роднай) — гэта этнічная смерць для любога народа. Альтэрнатывай для яго выратавання ад такой пачварнай, нялюдскай адукацыі можа быць толькі адукацыя на роднай мове.
Паколькі ў нас не было раней і сёння адсутнічае нацыянальная адукацыя, дык няма і нацыянальнага культурнага жыцця, якому нішто так не спрыяе, як гэтая этнастваральная сфера. Глынуўшы смяротную дозу русіфікацыі ў агульнаадукацыйных школах, навучальных установах вышэйшага тыпу, іх выпускнікі нават з закладзеным прыродай мастацкім ухілам не столькі думаюць, як забяспечыць культуры краіны самабытны характар, колькі, як стаць больш вядомым у свеце, працуючы ў чужым рэчышчы, ніколькі не лічачыся пры гэтым з яе нацыянальным інтарэсам. Ствараць на Беларусі мастацкую літаратуру на рускай мове стала своеасаблівай модай, якая прывядзе да таго, што праз якое-небудзь паўстагоддзе ўжо не будзе каму пісаць па-беларуску. І адвучыць маладых творцаў ад такога негатыўнага стаўлення да беларускай нацыянальнай ідэі, зразумела, не зможа і не пажадае наша наскрозь рускамоўная адукацыя. Вось ужо і думай: чарговы навучальны год для лёсу беларускага народа — гэта свята ці трагедыя? Відаць, у залежнасці ад адказу на гэтае пытанне трэба падбіраць і букеты кветак, з якімі пойдуць дзеці ў школу. У беларускамоўныя школы і групы, як нацыянальныя асяродкі, аазісы, парэкамендуем ісці з букетамі чырвоных, ружовых кветак, а ў рускамоўныя — на выбар саміх вучняў і іх бацькоў.
Народная воля 28.08.2008 №127-128 - Ефрасіння АНДРЭЕВА, доктар педагагічных навук, прафесар.