Зберажом святы дар — нашу мову

Мова — найвялiкшы Божы дар, дадзены кожнаму народу i ўсiм ягоным свядомым прадстаўнiкам. Гэта святло душы, дзякуючы якому захоўваецца генетычная памяць, сувязь сучаснiкаў са сваiмi блiжэйшымi спадчыннiкамi i найдалёкiмi прашчурамi, невычэрпная скарбонка духоўнага, маральнага, этычнага патэнцыялу нацыi. Таму, страчваючы родную мову, нацыя самаразбураецца i, урэшце, гiне, — у высокiм, духоўным разуменнi робячыся нiчым, а ў звычайным побытавым — чымсьцi падобным на няўцямны жывёльны статак, якi не здольны самаарганiзавацца без пастуха i робiцца прыдатным для выкарыстання ў якасцi паслухмянай рабочай сiлы для тых, хто iм валодае.

Увесь цывiлiзаваны свет дамогся годнага жыцця толькi разам з роднай мовай, зберагаючы, шануючы i памнажаючы яе здабыткi. I, наадварот, на той частцы зямной кулi, якая доўгi час была пад чужацкай няволяй i пад нацiскам страцiла родную мову, сёння пануюць беспрасветнасць i нястача.
Нялёгкая доля выпала беларусам. На сваiм гiстарычным шляху наш народ прайшоў праз нечуваныя выпрабаваннi, а ягоная крывiцка-лiцвiнская гаворка зазнала неймаверныя пакуты, ганеннi, пераследы i здзек, падобныя на тыя, што выпалi спавядальнiкам i абаронцам веры пасля нараджэння, а потым уваскрошання Госпада нашага Iсуса Хрыста.
Яшчэ ў часы нашай старажытнай дзяржавы — Вялiкага княства Лiтоўскага, якое пад моцным знешнiм нацiскам спакваля страчвала незалежнасць i духоўна разбуралася знутры, пераважная бальшыня магнатаў здрадзiла роднаму народу i пайшла на ўслужэнне да палякаў, засвоiла iх мову, культуру, традыцыi, звычаi, а ўрэшце нават адмовiлася ад свайго спрадвечнага iмя i перастала лiцвiнамi звацца...
Аднак пасля гвалтоўнага ўключэння беларускiх земляў у склад Расiйскай iмперыi шмат хто з гэтых духоўна прыгорбленых, знявечаных i прынiжаных пераваратняў пачаў не менш старанна, чым польскiя атопкi, лiзаць маскальскiя сапоги, аж са скуры вылузваючыся, перарабляючы сябе на “истинно русских патриотов”.
На шчасце, здрадзiлi i адраклiся ад сябе не ўсе. Сярэдняя i дробная шляхта не адасаблялася, мала чым адрознiваючыся ад сялянства, якое па традыцыi, часцей нават неўсвядомлена, захоўвала вернасць спрадвечным маральна-этычным духоўным каштоўнасцям i арыенцiрам. Дый сярод магнатаў надаралiся сапраўдныя патрыёты роднага краю, шчырыя абаронцы беларушчыны, пра што, прынамсi, сведчыць новая кнiга айца Аляксандра НАДСАНА “Княгiня Радзiвiл i справа адраджэння унii”.
Зусiм верагодна: калi б у Расii падзеi спынiлiся на буржуазнай рэвалюцыi, то Беларусь магла б падысцi да свайго паўнавартаснага духоўнага абуджэння i здабыцця дзяржаўнага суверэнiтэту эвалюцыйным планам, i нацыя сфармiравалася б без крывавых ахвяр i ўзрушэнняў.
Але наканавана было iншае. Нацыянальнае Адраджэнне захлынулася ў чырвоным бальшавiцкiм вiры, сiмвалам i апагеем чаго стаўся трагiчны 1937 год. Перабудова канца 1980-х дала нам яшчэ адзiн шанц выйсцi з гiстарычнага небыцця. Перабудова, нягледзячы на яе незавершанасць, да самага прадоння ўскалыхнула грамадства, узламала лёд страху, рабскага паслушэнства i прымусу. У вынiку, здавалася б, непарушная на ўсе вякi чырвоная iмперыя амаль без усякiх закалотаў i ўзрушэнняў распалася, былыя савецкiя рэспублiкi набылi дзяржаўны суверэнiтэт, сталi незалежнымi. Беларусь пачала вяртацца да сябе — спрадвечнай, натуральнай — ды атрасацца ад чужацкага наслання. Аднак перыяд апошняй беларусiзацыi быў занадта кароткiм...
З небыцця зноў паўстаў цень цара Iрада, нянавiсць i пагарда сталi вызначальнымi ў дачыненнi да ўсяго, што патрэбна любiць, шанаваць i ўслаўляць. Робiцца так, каб вобраз беларуса, вобраз народа нашага стаўся сiмвалам духоўнага выраджэння, самаедства i нiкчэмнiцтва. Нам кажуць, быццам народ сам выракаецца сваёй мовы, гэта значыць — уласнай душы. Якая хлусня! Хлусня, бо вынiкi перапiсу насельнiцтва сведчаць iншае: народ беларускi ў сваёй бальшынi застаецца самiм сабой. Прызнае роднай сваю, а не накiнутую прыхаднямi гвалтам чужацкую мову. Ну, а здраднiкi-хрыстапрадаўцы былi, ёсць i, мабыць, будуць, пакуль iснуе ўлада цемры...
Абавязак кожнага маральнага, годнага грамадзянiна краiны, незалежна ад ягонай нацыянальнай прыналежнасцi, выступiць у абарону тытульнай беларускай мовы, засцерагчы гэты найвялiкшы духоўны скарб ад гвалтоўнай смерцi i канчатковага знiкнення.

Народная воля 12.04.2007 № 57-58 - Яўген ЛЕЦКА, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.