Якую дзяржаву мы будуем,

або Хто ў Беларусi разыгрывае рускую карту?

З чаго б гэта апошнiм часам Крэмль, як i ў савецкiя часы, стаў надаваць такую вялiзную ўвагу рускай мове? 2007 год у Расii аб'яўлены годам рускай мовы. 16 лютага У.Пуцiн i наогул заявiў на ўсю Федэрацыю, дзе пражывае 160 народаў i народнасцяў: “Русский язык — это государственнообразующий фактор”, што сталася сiгналам для таго, каб Дзярждума ўжо 22 лютага адхiлiла праект Дамовы аб размежаваннi паўнамоцтваў памiж Рэспублiкай Татарстан i Федэрацыяй. Там, мiж iншым, было патрабаваннем да кандыдатаў у прэзiдэнты Татарстана веданне татарскай мовы (вось бы ў Беларусi было падобнае патрабаванне!). Расiйскiя тэлеканалы, падаючы гэтую iнфармацыю, з экстазам дадавалi: “...несмотря на то, что сам президент Владимир Путин представил этот проект для утверждения в Госдуму...” Вось такiя iмперскiя гульнi!
Сапраўды, руская мова ўтварыла (аб'яднала) Русь, потым i Расiйскую iмперыю, у склад якой у якасцi калонii была ўключана i наша Беларусь (“Северо-Западный край”). Затым руская мова “аб'яднала” народы СССР i сацыялiстычны лагер. Праўда, усё гэта не вытрымала выпрабавання i ляснулася, а руская мова не здолела стаць “цементирующим языком”, аказалася амаль такой жа нацыянальнай мовай (рускага народа), як i iншыя нацыянальныя мовы былых народаў СССР.
З крыўды за распад савецкай iмперыi i панiжэнне фактычнага статусу рускай мовы ад “обязательно изучаемой” да “добровольно изучаемой” у колiшнiх рэспублiках СССР (акрамя Беларусi!) i ўзнiк у Расii фашысцкi рух-рэванш. Адсюль i забойствы на нацыянальнай глебе, i воклiчы супраць “инородцев” “Понаехали тут!” (у iмперыях iначай не бывае). Зноў уздымаецца лозунг “великоруссизма” пад iнфармацыйным прыкрыццём “собирания славян”. Неўтаймаваны “собиратель” Дзмiтрый Рагозiн, якi ўзначальвае “Конгресс русских общин” (заўважце, як настырна наведваюць Беларусь падобныя “собиратели” — праханавы, жырыноўскiя, зюганавы, рагозiны i г.д.) даў нядаўна iнтэрв'ю аднаму з беларускiх тэлеканалаў, у якiм, у прыватнасцi, сказаў, што неабходна “склеить разбитую славянскую чашку” (маецца на ўвазе распад СССР), што “русские, украинцы и белорусы вместе уникальная славянская нация”. Акрамя таго Д.Рагозiн лiчыць, што трэба “закрепить русское население (заўважце, шавiнiсты рэдка называюць народ народам, а толькi ”населением". — А.Р.) на Кавказе". Як я ўжо казаў раней, гэта не што iншае, як комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасцi рускага народа, якi аказаўся без сваёй “великой Родины — СССР” i цяпер, у адрозненне ад iншых народаў, не мае свайго дзяржаўнага ўтварэння i шукае апору ў мiнулым.
Нядаўна адзiн расiйскi тэлеканал паказаў фiльм пра забойствы ў Санкт-Пецярбургу, здзейсненыя на глебе нацыянальнай нянавiсцi да “инородцев” — нярускiх. Адна толькi група падлеткаў “Бешеная толпа”, чыёй лiтаратурай з'яўляецца “Майн Кампф” Гiтлера, у 2003 годзе забiвае цыганскую дзяўчыну, у 2004-м — дзевяцiгадовую таджыкскую дзяўчынку (на вачах у бацькi!), затым — в'етнамскага студэнта i якута. Усяго за гэты час былi забiты каля дзесяцi чалавек, у тым лiку — сенегальскi студэнт, грамадзянкi Кыргызстана i Азербайджана... Гэта — вынiк iмперскай палiтыкi Крамля. Але самае трывожнае: 14 чалавек, падазроных у забойстве, выпушчаны на свабоду! За гэтымi падлеткамi, вядома, стаяць дарослыя. Пакуль дзяржава не вырашае (iмперыя нiколi не вырашае) нацыянальныя праблемы, iх “вырашаюць” банды “патриотов”. Разам з ростам колькасцi забойстваў на нацыянальнай глебе расце ў Расii i колькасць... нацысцкiх сайтаў.
А цi можна наогул выхаваць патрыятызм на комплексе непаўнавартаснасцi? Вось гэта зараз i спрабуе вырашыць сённяшняя “белорусская власть”. I “вырашае” — без вырашэння галоўнай праблемы беларускага народа: без вяртання яму спрадвечнай духоўнай нацыянальнай каштоўнасцi — роднай мовы, адсутнасць якой у грамадстве, уласна кажучы, i стварае ўвесь комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасцi беларусаў. Усе народы — з роднымi мовамi, толькi мы — з чужой. Вiдаць, “белорусская власть” моцна пакрыўдзiлася на народнага паэта Нiла Гiлевiча за тое, што не змагла “купiць” за 30 срэбраных вялiкага змагара за родную мову, як гэта ёй удалося зрабiць з некаторымi “деятелями национальной культуры”. Значыць, трэба даць мове пад дых! Няхай змагар адчуе! О, як улада любiць здзеквацца з тых, хто вышэй за яе. Ды толькi скарыць iх дух яна не ў стане.
Але вернемся ў Расiю.
Я згодны з расiйскiм прэзiдэнтам: родная мова — гэта нацыятворны i дзяржаватворны фактар. Чужая мова нiколi не зможа аб'яднаць адзiн цi некалькi народаў, калi ў iх ёсць свая. У тых жа, напрыклад, татараў свая ёсць, i руская для iх — не такая ўжо i родная! Цi не таму Крэмль забаранiў татарам (з трэцяга разу) лацiнку, якая лепш, чым кiрылiца, перадае гукi татарскай мовы, i пакiнуў кiрылiцу? Сталiн знiшчаў арабскi алфавiт у мусульманскiх народаў, Пуцiн знiшчае лацiнку. Для чаго?
Як вядома, Сталiн будаваў сваю iмперыю, а нацыяналiзм (патрыятызм) кожнага са 190 народаў былога СССР перашкаджаў яму рабiць гэта. Прасцей было перавесцi ўсе народы на адну мову — рускую. Няма моў — няма народаў — няма праблем. Пуцiн “со товарищи” вырашыў таксама будаваць iмперыю (у якi там раз — пяты?). Але дзеля гэтага трэба знiшчыць нацыянальныя мовы народаў, iх культуры, асiмiляваць гэтыя народы, перавесцi на адну мову — рускую, унiфiкаваць нацыянальныя культуры i прывесцi iх да адной: касмапалiтычнай, безнацыянальнай, хiмерычнай эрзац-культуры, якая потым прыводзiць каланiяльныя народы да бескультур'я, бездухоўнасцi i вымiрання.
Такi лёс усiх каланiяльных народаў, у тым лiку i беларускага. Цi не таму вымiрае беларус, вымiраюць народы Расii (па мiльёну ў год!), што метраполiя (Масква) знiшчыла традыцыйны ўклад iх жыцця i не пакiнула апiрышча, якое даў кожнаму народу Бог, — МОВУ? Цяпер разумееце, чаму ў Татарстане душаць татарскую мову, як у Беларусi беларускую? Бо пакуль будзе жыць татарская (беларуская) мова, будзе жыць татарскi (беларускi) народ (як i многiя iншыя). I датуль Крамлю не ўдасца зламаць незалежнасць народаў, iх волю да свабоды i дэмакратыi. Датуль яму не ўдасца асiмiляваць татараў, а потым жа сказаць, што “русские и татары — один народ” (як ён сказаў беларусам). А “один народ” праглынуў гэтыя словы i змаўчаў...
А якую дзяржаву на рускай мове вось ужо больш за 200 год будуюць беларусы? На прэс-канферэнцыi прадстаўнiкам СМI Украiны А.Лукашэнка сказаў: “Белорусский язык мы не разыгрываем в политических целях. Это не карта”. На пытанне “Хто такiя ”мы"?" яшчэ раней, даючы прэс-канферэнцыю прадстаўнiкам СМI Расii, ён сказаў так: “Здесь (у Беларусi. — А.Р.) ничего не осталось (пасля распаду СССР. — А.Р.), здесь остались осколки — осколок КГБ, осколок МВД, осколок Госплана. То есть это части, это были отделы, и из этого надо было формировать государственные органы, надо было создавать государство”. Калi верыць прэзiдэнту (не верыць жа “ўсенароднаабранаму” нельга), то аказваецца, што “создают государство” — нашу, незалежную дзяржаву — “осколки”, “отделы” КГБ СССР, МВД СССР, Госплана СССР! Яны “белорусский язык не разыгрывают в политических целях”, як гэта было ў СССР, затое разыгрываюць, як карту, в политических целях" рускую мову. Так было ў СССР. ЯНЫ на рускай мове зараз будуюць у Беларусi нешта рускае — губерню Расii, калонiю Расii...
На маю думку, яны будуюць пратэктарат Расii. “ПРОТЕКТОРАТ: 1. Форма зависимости, при которой слабая страна, формально сохраняя свое государственное устройство и некоторую самостоятельность во внутренних делах, фактически подчинена сильной империалистической державе. 2. Страна, находящаяся в такой зависимости” (С.Ожэгаў). Пратэктарат — самая гнюсная форма каланiяльнага паняволення таму, што гэта паняволенне закамуфлiраванае, прыхаванае, якое просты народ не адчувае. Так i беларусы пакуль не адчуваюць таго, што нарабiў Крэмль (“КГБ, МВД, Госплан”) за гэтыя 12 год у Беларусi. Але адчуюць!
Калi газа-нафтавая вайна — не чарговы саюзны спектакль-скандал памiж Расiяй i Беларуссю, то А.Лукашэнку цяжка будзе выбрацца з таго кута, у якi ён сам сябе загнаў. Мяркуйце самi. Памiж Расiяй i Беларуссю створана (адноўлена) агульная iнфармацыйная прастора, якую кантралюе Крэмль. Адноўлена адна агульнаадукацыйная прастора, якую таксама кантралюе Крэмль, як i агульная савецкая “культурная” прастора, якую кантралюе Крэмль i ў якой дамiнуе рускамоўнае безнацыянальнае бескультур'е. Самае страшнае для нас — знiшчана беларускамоўная адукацыя, а нацыянальная культура пераведзена на чужую мову (уявiце сабе рускую культуру на татарскай мове!). Руская мова, як i ў каланiяльныя часы, выпампоўвае беларускiя таленты ў Маскву i Санкт-Пецярбург. У Беларусi праводзiцца палiтыка выцiскання талентаў у Расiю: iм на радзiме не ствараюцца ўмовы для творчасцi i працы. (Дык хто каго ў Беларусi “пасадзiў на чамаданы”: Шушкевiч з Пазьняком — рускiх цi Лукашэнка — беларусаў?).
Гэты працэс таксама кантралюе Масква. Расii выгадна мець таленты (усе iмперыi выпампоўваюць iх са сваiх калонiй), а Беларусi — не, таму яна за гэты час стала фактычна яшчэ большай правiнцыяй Расii — яе пратэктаратам. I тое, што народ маўчыць, — гэта паказчык дэградацыi нашага грамадства, яго духоўнай стомленасцi, адсутнасцi нацыянальнай свядомасцi, наяўнасцi каланiяльнай забiтасцi i неразумення сiтуацыi ў краiне. Я ўжо не кажу пра дэградацыю моладзi, падлеткаў, школьнiкаў, якая выяўляецца ў iх паводзiнах. Гэта больш чым сумныя вынiкi каланiяльнай палiтыкi — русiфiкацыi беларусаў, якая i прывяла да паступовага вымiрання нашага народа. Сапраўдная гуманiтарная катастрофа!
А.Лукашэнка часта паўтарае: “По своему менталитету белорусы — самый интернациональный народ”. Не ўсе ўсведамляюць, што значыць “интернациональный”, таму гэтым словам, як i словам “двуязычие”, любяць карыстацца наменклатуршчыкi, адарваныя ад сваiх нацыянальных каранёў. “Iнтэр” азначае “памiж”, а “памiж” — гэта не нацыя, не нацыянальнасць i не народ, а ўсяго толькi адлегласць (прамежак, прамежнасць) памiж народамi — словам, дзiрка ад абаранка. Гэта зусiм не той сэнс, якi ўклаў у свой верш “Маладая Беларусь” Янка Купала, калi казаў: “...Занiмай, Беларусь маладая мая, /Свой пачэсны пасад мiж народамi!..” Як можа заняць “пасад”, ды яшчэ “пачэсны” тое, чаго няма? Няма мовы — няма народа, няма дзяржавы. Цi не таму Мiнiстэрства культуры “завалiла” ў свой час другi конкурс на напiсанне Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь: па загадзе Масквы для “самого интернационального народа” i пакiнула малазменены савецкi гiмн? Спасылкi на тое, што ў Беларусi няма кампазiтараў цi яны слабыя, — гэта савецкая шавiнiстычная хлусня ў тым жа духу, што i “белорусский язык — бедный язык” (А.Лукашэнка). Проста трэба было “осколкам КГБ” i г.д. “создавать государство” — пратэктарат Расii, таму i трэба было захаваць савецкi каланiяльны беларускi гiмн, бо такi ж савецкi — iмперскi гiмн пакiнула сабе метраполiя — Масква ў чаканнi “интернационального союзного соития с Беларусью”. А чытачам газеты скажу, што “Патриотическая песнь” нашага земляка Мiхайлы Глiнкi, якая пэўны час была гiмнам Расii, — нашмат больш якасная музыка, чым гiмн СССР А.Аляксандрава, якi зараз зноў (у другi раз, як i савецкi ў Беларусi) з'яўляецца гiмнам Расiйскай Федэрацыi.
..."Интернациональный народ" — гэта як “жывы труп”, бо кожны чалавек, кожны народ маюць сваю якасць — нацыянальнасць. I ў тым, што беларусы — “народ-памiж” — наша (i першага прэзiдэнта) трагедыя.

P.S. Пакуль пiсаў артыкул, прачытаў у “Народнай волi” жарт С.Калякiна: “ЗША думаюць, што Расiя мае ўласны план па Беларусi, але ён настолькi глыбока захаваны, што дагэтуль не могуць гэты план выявiць”. Паважаны Сяргей Iванавiч! План Крамля па Беларусi ляжыць на паверхнi, таму яго i не бачаць нi Амерыка, нi Еўрасаюз, нi “белорусская оппозиция”. Гэты план нядаўна ўслых агучыў сам Уладзiмiр Пуцiн: “Русский язык — это государственнообразующий фактор”, што азначае далейшую палiтыку русiфiкацыi — духоўна-этнiчнага генацыду i народаў Расii (акрамя рускага), i Беларусi. А 12 сакавiка тэлеканал “Россия” перадаў, што ў Адэсе (Украiна) рускай мове хочуць надаць статус рэгiянальнай. Не ўдалося зрабiць яе там дзяржаўнай, дык зробiм хоць рэгiянальнай... Вiдавочна, што газа-нафтавая вайна ў дачыненнях да Украiны i Беларусi аказалася малаэфектыўнай. Затое руская мова — мацнейшая за расiйскiя газ i нафту, бо i ва Украiне, i ў Беларусi за яе не трэба нiчога плацiць, яна на першы погляд бясплатная. Але ўдумайцеся ў словы расiйскага палiтолага С.Чарнышова, якiя пераклiкаюцца са словамi У.Пуцiна: “Расiя — гэта перш за ўсё руская мова, а не тэрыторыя”. Сумiруючы думкi С.Чарнышова i У.Пуцiна, атрымаем адказ i Амерыцы, i Еўрасаюзу, i “белорусской оппозиции”: “Там, дзе руская мова — там руская тэрыторыя i руская дзяржава”.
Але беларусам не трэба плакацца, трэба, нарэшце, усвядомiць, што палiтыка русiфiкацыi ў Беларусi — гэта каланiяльная палiтыка Масквы, што ўлада тут прамаскоўская, марыянеткавая, якая будуе не беларускую Беларусь, а рускую Русь (“белорусы — это русские со знаком качества” — А.Лукашэнка).
Прыслухаемся да голасу вялiкага Паэта Беларусi Нiла Сымонавiча Гiлевiча, нястомнага змагара за нацыянальную мову, якая, на яго думку, з'яўляецца адзiным гарантам Незалежнасцi Беларусi, яе Свабоды i Дэмакратыi. Яшчэ ў мiнулым стагоддзi Паэт, якога так баiцца антынародная ўлада, сказаў: “Свабоду для Беларусi i для беларускай мовы можа здабыць толькi народ, узброены родным словам! I ваяваць гэтым словам трэба цяпер, а не некалi пасля”.
Удумайся, народзе, у сэнс сказанага: “роднае слова — родная зброя” i вырашы, цi сваю дзяржаву будуеш ты пры дапамозе чужой зброi?!

Народная воля 19.04.2007 - Алесь РАШЧЫНСКI, кампазiтар